20

1 0 0
                                    

Назаўжды расквітаўшыся з Зоськай, Антон адчуў у сабе палёгку, амаль душэўшы спакой, быццам скінуў са спіны цяжар, які доўга не даваў спакою. Цяпер сведак больш не было, ніхто не мог ведаць пра яго намеры, яго грэшную спробу ўцячы ад вайны. Ён зноў быў чысты, сумленны, бязгрэшны ў адносінах да радзімы, людзей і сваіх таварышаў. Падагрэты яшчэ не астылаю злосцю на Зоську, ён не адчуваў вялікіх згрызот сумлення – падумаеш, забіў дзеўку! На свеце, дзе ішла вайна і кожны дзень забівалі тысячы, дзе кожную хвіліну маглі забіць яго самога, гэта маленькае забойства зусім не здавалася яму злачынствам – забіў, бо іначай не мог. Загінула праз дурны свой характар, які ў такіх вось абставінах рана ці позна прывёў бы яе да магілы. Калі б не застрэліў Антон, яе ўсё роўна застрэлілі б немцы, вырваўшы ў дадатак сякія-такія партызанскія звесткі – каму было б лепш ад гэтага?

Хуткім крокам Антон перайшоў цёмнае поле і выйшаў да хвойнага ўзлеску. Невысокія густыя хвойкі шчыльна сціскалі свой рад, і ён з немалым намаганнем пралез паміж імі, стросшы на сябе белаватае ўначы воблака снегу. Нізка гнучыся, амаль навобмацак ён пачаў прабірацца ў глыб хвойніку. Ён думаў, што далей ад узлеску хвойнік стане радзейшы, але ўвесь гэты хвойнік аказаўся суцэльнай гушчэчай, прабрацца праз якую нават удзень было неверагодна цяжка, не кажучы ўжо пра ноч.

Доўга прадзіраючыся праз зараснікі, ён балюча разадраў руку, прадраў кажушок на плячы і стаў думаць ужо не пра тое, каб вытрымаць напрамак да Нёмана, а каб хоць вылезці з гэтай гушчэчы. Але, крута павярнуўшы ўбок, ён убіўся ў яшчэ горшы хвойны сушняк, які застаўся, напэўна, пасля аднаго з летніх пажараў, дзе і зусім немагчыма было ні прайсці, ні пралезці праз калючае і цвярдое, як сталёвы дрот, сучча. Зразумеўшы, што гэтае месца лепш абысці бокам, Антон павярнуў назад, пасля зноў пачаў браць улева. Але куды б ён ні падаўся, усюды яго пільнаваў гушчар з калючага галля і сучча, якія зласліва чапляліся за кажушок, абдзіралі твар, рукі, кожны раз здзіралі з галавы шапку. Ён умарыўся, змакрэў ад поту і снегу, які налез у кожную прарэху ягонай апраткі.

Ужо згубіўшы надзею калі-небудзь выбрацца з гэтых д’ябальскіх нетраў, Антон, гнучыся ў тры пагібелі, адолеў чарговую дзялянку асабліва густога падросту і апынуўся нарэшце на ўзлеску. Наперадзе было поле, ён з палёгкай уздыхнуў: атрос з сябе снег, адчуваючы на разгарачаным твары пругкія ўдары ветру, які па-ранейшаму сыпаў у прыцемках снегавой драбязой. Ён пайшоў па полі, даўшы сабе слова болей не лезці ў зараснікі, дзе ў такую ноч і такое надвор’е можна хіба што хавацца ад ваўкоў. Яму ж трэба было як найхутчэй дабрысці да Астраўка ці, можа, пераправіцца цераз Нёман дзе ў іншай здатнай для таго мясціне. Цяпер гэта займала ягоныя думкі болей за ўсё іншае, таму што затрымка з пераправай пагражала заўтра новай бядой у гэтым малазнаёмым прырэчным раёне з яго паліцыяй, засадамі, патрулямі па вёсках, хутарах, на дарогах.

Пайсці і не вярнуццаМесто, где живут истории. Откройте их для себя