Стоячы на снезе ў раўку, Антон не пазіраў ні на Зоську, ні на двух партызан, якія ўзяліся есці з паперкі, і пах варанага мяса пакутна дражніў яго нюх. У каторы раз за сённяшні ранак і ноч Антон быў аглушаны і збянтэжаны, амаль раздушаны тымі нечаканасцямі, што абрынуліся на яго галаву. Мала яму было нязломнай упартасці Зоські, вераломнай выхадкі гаспадара хутара, які пайшоў па каня, а прывёў партызан, дык цяпер яшчэ і Сталінград. Горад, які, на ягоную думку, даўно павінен быў здацца, прынёсшы людзям канец гэтай праклятай вайны, гэты горад, аказваецца, не толькі ўтрымаўся, але яшчэ і даў у зубы немцам. Цяпер там наступленне, вайна доўжылася, перамога яшчэ невядома каму дастанецца. Ці не пра тое ж гаварылі ўчора і паліцаі, размову якіх так недарэчы недачуў Антон і з тае прычыны ледзьве не нарабіў глупства. Можа, цяпер ён павінен быў дзякаваць Зосьцы за яе выратавальную для абаіх цвёрдасць, дараваць яе выхадку з тапаром, наогул паспрабаваць памірыцца з ёю. Сапраўды, новая паваротка ў вайне вымушала Антона перагледзець некаторыя з сваіх ранейшых рашэнняў, перайначыцца ў адпаведнасці з новымі абставінамі.
Калі толькі дазволяць гэтыя абармоты з Ліпічанскай пушчы, якія звязалі ягоныя рукі і вядуць невядома куды. Ужо ці не на той бок Нёмана? У такім выглядзе ён не мог паявіцца ў партызанскай зоне, дзе яго адразу возьмуць пад арышт, ужо там яму не мінуць следства. Усякую магчымасць абвінавачвання трэба было пагасіць тут. Але як? З гэтым зласлівым недамеркам, якога яны называюць сяржантам, нават і паразмаўляць немагчыма, ён загадзя ўсё ведае і ўпэўнены, што Антон – вораг. Ды і Зоська таксама ашчэрылася супраць – не падысці. Але, разважыўшы, Антон падумаў, што ў ягоным становішчы, як ні дзіўна, выручыць яго можа менавіта адна толькі Зоська. Можа ўтапіць канчаткова, а можа і вызваліць – гэта ўжо будзе залежаць ад яе да яго адносін.
Сяржант з таўстуном тым часам, напэўна, даелі мяса і ляніва дажоўвалі хлеб, пазіраючы на абрыў, дзе павінен быў паявіцца некуды пасланы імі Салей. Зоська дэманстратыўна адвярнулася ад яго і засяроджана калупала ботам у снезе. У раўку было схоўна, не дужа ветрана, падаў рэдкі сняжок. Ногі ў непрасохлых ад ночы ботах пачалі хутка мёрзнуць на невялікім марозе, але Антон не спяшаўся выпраўляцца адсюль, ён напружана меркаваў, што рабіць, як падступіцца да гэтага сяржанта ці хаця б да Зоські. Ён адчуваў, што пакуль была такая магчымасць, пасля яна можа знікнуць, і ён ні да каго ні з якога боку ўжо не падступіцца.