8

4 1 0
                                    

Нёман застаўся ззаду, яны нядоўга паазіраліся на яго, ідучы полем, хаця ракі ўжо не было відаць. Амаль не стала відаць на тым беразе і лесу; знік, патануў між берагоў Астравок; памаячыла здаля і прапала нейкая вёсачка ніжэй вострава. Пайшоў снег. Шэры палявы прастор навакол усё болей цямнеў, затканы бялявай смугой завеі. Неўзабаве амаль нічога не стала відаць, трэба было добра напружыць зрок, каб за мільготкаю сеткай сняжынак згледзець які-небудзь прыцьмелы ў полі куст ці адзінокае дрэўца на ўзмежку. Усчаўся вецер. Часам яго шалёныя парывы так моцна шыбалі ў грудзі, што забівалі дыханне, і Антон на хвіліну адварочваўся, падстаўляючы ветру шырокую, у кажуху спіну.

– Во, халера, як раз’юшыўся!..

Зоська паднімала насустрач расчырванелы ад ветру твар з наліплымі да яго мокрымі сняжынкамі, якія заляпілі таксама ўсю яе хустку, пасму валасоў на лобе, густа замуравалі касмылявую шчэць яе плюшавага сачка. Яна спрабавала ўсміхнуцца, хістка заграбаючы ботамі ў снезе і не трапляючы ў шырокія Антонавы сляды.

– От жа халера! Ішлі па лесе, дык ціха было. А ў голым полі як задуло! – пракрычаў праз вецер Антон. – Замерзла, малеча?

– Не-а, – сказала Зоська і ўсміхнулася астыглымі вуснамі.

– Табе калі трэба ў Скідзель? Заўтра?

– Сёння ноччу.

– Сёння не выйдзе. Адсюль да Скідзеля кіламетраў шаснаццаць.

– Так далёка? – здзівілася яна, таксама павяртаючыся спіной да ветру. I праўда, увесь час ісці полем было пакутай, а дарогі яны абміналі, усё ж тут – не на тым баку Нёмана. Тут ваўсю гаспадарылі немцы і іхнія халуі паліцаі. У адным, аднак, ім пашэнціла – завея памагала прайсці незаўважна і гладка раўняла ззаду сляды. Калі б толькі не гэты шалёны вецер.

– Нічога, датупаем, – бадзёра сказаў Антон, павяртаючыся тварам да ветру.

Кепска, канешне, што яны не разлічылі свой шлях, змарнавалі час на пераправе праз Нёман і сёння не маглі дабрацца да Скідзеля, куды з самага ранку так імкнулася Зоська. Зрэшты, Зоську можна было зразумець: у яе заданне, розныя тэрміны і дзе-небудзь у ціхай напаленай хаце – самотная адзінокая маці. Але не меней, чым Зосьцы, Скідзель патрэбны быў і Антону, хаця ў яго не было там ні маці, ні якога-небудзь задання. Праўда, з нейкага часу там аб’явіўся ягоны стары, яшчэ барысаўскі сябра Жорка Капыцкі, хуткая сустрэча з якім цяпер не на жарт хвалявала Антона. Ведама, яны былі сябрамі, і Антон меў нейкую надзею на яго, але хто ведае, які стаў Капыцкі за тыя пяць або шэсць месяцаў, каторыя яны не бачыліся. Мабыць, маючы нейкую ўладу ў Скідзелі, ён, калі б схацеў, мог бы памагчы Антону. Але ці паможа – во ў чым загвоздка. Тым больш што той з’явіцца да яго не адзін, а з гэтай во сімпатычнай малышкай, на якую ў яго былі свае планы. Антон ужо разумеў, што ў жахлівую пару вайны людзі, як ніколі раней, здольны крута мяняць свае погляды, і ўчарашні сябра вельмі нават проста можа аказацца ворагам. Гэта дурань Антон, некалі зважаючы на старое сяброўства, памог Капыцкаму ўладкавацца ў сакрэтную спецгрупу, якую фарміравалі для засылкі ў дальні тыл немцаў, і яны разам прыбылі на Беласточчыну. Праўда, пасля іх шляхі разышліся, але тут ужо Антон ні пры чым, тут ва ўсім вінаваты Капыцкі.

Пайсці і не вярнуццаDonde viven las historias. Descúbrelo ahora