17

3 1 0
                                    

«Вось жа паслаў Бог ратавальнікаў, як толькі ад іх адвязацца?» – думала Зоська, зноў ідучы па схіле за Антонам. ёй так не хацелася плясціся невядома куды, непакой за нявыкананае заданне ахапіў яе з новаю сілай, яна ледзьве перамагла ў сабе нецярплівасць, але што было рабіць?

Яна даўно прапусціла ўсе тэрміны, парушыла ўвесь парадак, наблытала і ўсё ўскладніла. Ведама, у яе не хапіла вопыту, спрыту, а болей за ўсё – характару, простай чалавечай настойлівасці. Яна ўжо шкадавала, што заступілася за Антона, напэўна, цяпер без яго было б тут лягчэй, напэўна, ён заслугоўваў таго, каб яго расстралялі. Але ў суддзі яму яна не гадзілася, яна наогул нікому не гадзілася ў суддзі, таму што сама адчувала сябе вінаватай. Зноў жа, у выпадку з гэтым Галубіным яна не была асобай старонняй, хутчэй зацікаўленай, і цяпер, калі трохі аціх боль ад таго, што здарылася ноччу на хутары, адчула, што лепш ухіліцца ад гэтай малапрыемнай справы. Вось прывядуць у атрад і няхай тады яго судзяць. На тое там ёсць начальства, таварышы, людзі болей разумныя, а галоўнае – болей рашучыя, чым яна. Зоська больш не хацела быць звязанай з ім і ягоным лёсам. Хопіць з яе таго, што іх ужо звязвала. Хуткім крокам яны перайшлі раўніннае поле і ўвайшлі ў такі ж раўнінны хваёвы лясок. Ісці было лёгка. Яшчэ не старыя, рэдкія, без падлеску хвойкі хоць і кепска хавалі людзей, затое давалі добра бачыць вакол. Салей наперадзе ўсё круціў галавой, цікаваў, але, здаецца, у хвойніку было пуста. Яны ўсе маўчалі, толькі глядзелі і слухалі. Але хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе зноў раскінуўся прытуманены прастор поля, і Салей, не дайшоўшы крокаў дваццаць да ўзлеску, спыніўся.

– Таварыш сяржант!..

Сяржант хутка прайшоў наперад, разам з Салеем прысеў за нізенькай бухматай хвойкай. Наперадзе ў полі штось адбывалася, здаецца, там былі людзі, але адсюль Зоська яшчэ нічога не магла ўгледзець і сачыла толькі за тым, як сяржант засцярожліва назірае з-за хвойкі. Каля яе, скінуўшы з рэменя нямецкі карабін з чорным ложам, стаяў таўстунок Пашка. Трывожны неспакой Зоські за невясёлыя свае справы трохі суняўся, выцеснены трывогай іншага роду. Цяпер, аднак, усё залежала ад гэтых людзей, яна ж была пазбаўлена ўсякай магчымасці, ініцыятывы і нічога зрабіць не магла.

– Ідзіце сюды! – ціха паклікаў іх да сябе сяржант, і яны ўсе падышлі да яго кучаравай хвойкі. – Вунь, бачыце?

Паўзіраўшыся цераз поле ў расцягнены далёкі ўзлесак, Зоська ўбачыла там людзей, коней з вазамі, мабыць, там пралягала дарога, і людзі па нейкай патрэбе спыніліся на ўзлеску. З гэтага боку, ад поля, дарогу і людзей трошкі затуляў рэдкі бярэзнічак, праз які, аднак, усё было відаць на дарозе. Аднекуль справа бег у той бок невысокі насып чыгункі з радком тэлеграфных слупоў і рэдзенькай паскай кустоўя. Напэўна, гэта і была тая чыгунка, пра якую гаварыў у раўку Салей.

Пайсці і не вярнуццаWhere stories live. Discover now