12

0 0 0
                                    

Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, – такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым болып зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.

А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць – лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым – выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.

Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчыма, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.

– Во, – кіўнуў ён на яе. – Уперлася жонка. Спадабалася ей у вас, не хоча ісці.

– Я табе не жонка! – тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.

– Як гэта – не жонка? – са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. – Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.

– Лжэш! Ты ніякі мне не муж! – з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.

Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська – ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.

– Ну што возьмеш з бабы! – развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.

Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада – нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.

Пайсці і не вярнуццаWhere stories live. Discover now