- Праспяваеш мне?
На кароткае імгненне ў пакоі запанавала трунная цішыня, і нават смех гасцей з першага паверха забаўляльнай хаты быў паглынуты невядомай сілай. Іжэн бязглузда глядзеў у чужыя вочы, пераварваючы пытанне незнаёмага пэўны час, перш чым, чмыхнуўшы, пачаць напяваць чароўную мелодыю.
Малады мужчына падзячна кіўнуў, а пасля прысеў у ложка і паказаў на залатую феран'ерку [1] на сваім ілбе. У яе цэнтры мірна спачываў ярка-сіні каштоўны камень, аточаны цьмянымі ў параўнанні з ім фіялетавымі. Варта было Іжэню злёгку прыўзняцца, як сіні камень адбіўся ў яго вачах чырвона-памяранцавым водбліскам, быццам там, у гэтым маленькім царстве гэтага каменя з попелу адрадзіўся Фенікс.
Іжэн з цікаўнасцю сачыў за тым, як маленькі агеньчык скаланаецца ў сіняй прасторы, і калі, пасмялеўшы, голас юнака пагучнеў, камень заззяў так ярка, што на долю секунды асляпіў. Прамаргаўшыся, юнак ізноў працягнуў спяваць, і тады чырвоны агеньчык ізноў бліснуў зоркай. Камень задрыжэў, нібы гэтая чуллівая іскра вось-вось магла выдрацца вонкі і асвяціць сабой гэты пакой. Прайшло яшчэ імгненне, як каштоўны камень вантробна загуў ва ўнісон голасу Іжэня, і тады той спалохана адскочыў ад незнаёмага, ускрыкнуўшы:
- Чаму камень спявае?! Што гэта такое?!
Варта было Іжэню перапыніць свой цудоўны спеў, як камень бязвольна павіс на залатым ланцужку і малады мужчына нарэшце ўстаў.
- Сляза Цзюню, - спакойна растлумачыў мужчына, пасля дадаючы: - Цзюню - адзін з сыноў цмока Луна і проста аматар усяго, што злучана з музыкай...
- І адкуль у вас сляза гэтага Цзюню? - нясмела спытаў Іжэн, аднак быў ганараваны толькі прыгнятальным маўчаннем.
- Важна тое, што спеў рэзануе са слязой Цзюню, а гэта значыць, што твой голас сапраўды валодае ўсімі тымі магічнымі ўласцівасцямі, пра якіх кажуць шматлікія чуткі.
- Чаму тады... Чаму камень не рэагуе, калі гэты хлапчук гаворыць? - нецярпліва спытаў Іжэн.
- Як я і казаў, Цзюню быў вялікім аматарам музыкі, таму яго часцінка рэагуе толькі на спеў і музыку. Але гэта толькі адна прычына, - незнаёмец склаў рукі на грудзях. - Другая палягае ў тым, што твой голас, як сказана ў летапісы майго настаўніка, можа струменіць энергію Цы менавіта падчас спеву - у той час, калі твае звязкі ў найболей напружаным стане. Зрэшты, калі б твой голас вылучаў шмат Цы, я б гэта адчуў. Здаецца, гэта толькі справа трэнераванняў.
ESTÁS LEYENDO
Песня чырвоных ліхтароў
Ficción histórica"Ці воля гэта лёсу ці толькі ўдалы збег абставін, у гэтым велізарным свеце ўсё ж сустрэліся мы - уладальнік слязы Цзюню і ўтаймавальнік магічнага голасу". З першага года кіравання імператара Фэншы ў Чанхуандзі не было і дня адхлання ад дэманічных сі...