Глава 11. Сад Захаплення, Сад Спакуты [Частка 1]

14 3 0
                                        

Сіян быў па-свойму вельмі прыгожы. Ён ашаламляльна адрозніваўся ад Чанхуандзі, бо не быў гэтак жа пышны, дый велізарнага залатога палаца ў цэнтры тут не стаяла, але ў горадзе хаця б было ўтульней. Няхай заміж людзей тут хадзілі дэманы: кабеты і мужчыны, выродлівыя і прыгожыя, жахавітыя і мілавідныя, вялікія і маленькія, - Іжэня ахапляў спакой ад знаходжання ў Сіяне.

Гэта быў маленькі гандлёвы гарадок з вузкімі вулачкамі і вытанчанымі хатамі, у вокнах якіх трэсліся зялёныя прывідныя агеньчыкі. З-за памеру Сіяна будынкі тут будаваліся не ўшыркі, а ўвысь, таму выгляд на начное неба быў перакрыты амаль цалкам. Тут не было ніводнага завулка без якога прылаўка. Вось толькі заміж садавіны ці цікавых дзівоцтваў, дэманы гандлявалі людскімі душамі і трупамі. Жудаснае і страшнае гледзішча: дарогі абліваліся крывёй ад свежых целаў, а маленькія зорачкі душ, якія запячаталі ў банку, як нейкую гародніну, знемагалі ад адчуваючыхся пакут і ледзь не крычалі ад болю.

Пэўна раней, калі то тут, то там квітнелі і пахлі чароўныя расліны, калі горад быў пазбыты гэтых дзікунскіх традыцый дэманаў, ён быў куды больш вытанчаны, але нават цяпер былая прыгажосць нікуды не дзявалася. Хоць выпадковы мінак ледзь мог разглядзець яе за жорсткімі выглядамі.

Раптам па вуліцах разнеслася прыемная мелодыя ад невядомага Іжэню інструменту, і юнак павярнуўся ў бок гуку, сустрэўшыся паглядам з вулічным музыкантам, што прыклаў да сваіх вуснаў самаробную флейту. Белыя вочы дэмана гэтак і прапальвалі ў ілбе заклінальніка дзірку; музыкант не выглядаў надта таварыскім да новапрыбылых, як і іншыя жыхары дэманічнага горада. Ад кожнага сустрэчнага дэмана гэтак і выходзіла некаторая злосць і падазронасць да незнаёмых, і, здавалася, ад усяго гэтага Сіян толькі больш запоўніла цёмная энергія.

Хонлу ішоў побач з Іжэнем з вылучна незадаволеным выразам твару і глядзеў на свой компас, старанна ігнаруючы пагляды дэманіц, якія пераследвалі заклінальнікаў ад самай брамы. Аднак Іжэн не мог не зірнуць на дзяўчын, бо яго адольвала цікаўнасць і юнацкая зацікаўленасць да дзявух. За яго спінай пляліся тры прыгажуні, з танюткімі, нібы бамбук, сілуэтамі, якія абвілі тонкія чырвоныя шаўкі; прыгажуні з белымі тварыкамі і ярка выфарбаванымі вуснамі, скрыўленымі ў збянтэжанай усмешцы. Заўважыўшы на сабе пагляд юнака, тыя захіхікалі і сталі набліжацца, пакуль нарэшце не змаглі крануць сваімі халоднымі далонькамі спін заклінальнікаў.

Песня чырвоных ліхтароўМесто, где живут истории. Откройте их для себя