"Яна памерла! Ха-ха-ха, знічка памерла!"
Жудасны смех залескатаў у вушах Іжэня так слаба і невыразна, што здавалася, быццам ён знаходзіцца пад тоўшчай вады. Ён павольна растуліў павекі, але змог убачыць толькі чатыры чырвоныя агеньчыкі, якія ярка свяціліся ў апраметнай цемры. Нефакусаваным паглядам юнак слізгануў па сваім целе: па скручаных скрываўленых руках, па пераламаных нагах і падраным тулаве, — і жахнуўся.
Свядомасць, якая яшчэ не абудзілася, была зблытанай, таму думала пра ўбачанае як пра благі сон, пакуль перад вачамі раптам не бліснулі нядаўнія падзеі. Па шчоках Іжэня ў тую ж секунду пабеглі слёз. Ён быў пакрыўджаны, расчараваны і так моцна злы, што гатоў быў разадраць кожнага, хто да яго наблізіцца. Зрэшты, ён яшчэ не разумеў да канца на каго злуецца: на сябе, на Настаўніка, на тую заклінальніцу ці адначасна на ўсіх.
Хоць Іжэню, вядома, больш за ўсё хацелася перакінуць усю сваю злосць на Ан Хонлу. Не апісаць словамі, як расчараваны быў Іжэн у сваім Настаўніку, узнёслым, недасягальным бессмяротным, што валодае халоднай галавой і ясным розумам у кожнай сітуацыі. Хіба не гэты чалавек вучыў Іжэня "рабіць усё, што ў тваіх сілах, каб дапамагчы слабому; разважаць здарова і не секчы з пляча; не пазбываць галовы чалавека, чыё сэрца паглынулі нячыстыя сілы; чалавеку, які дапамагае табе, дзякаваць тым жа"? Так што ж гэта, усё пустыя словы?
— Ілгун! — крыкнуў незнаёмы Іжэню голас над яго нямоглым целам. — Косткі пераламала, а не памерла!
— Ты паспела загадаць жаданне? — як ні ў чым не бывала спытаў іншы голас. — Я загадаў выбрацца з гэтага чортавага месца! Я дакладна памру, калі правяду тут яшчэ паўстагоддзя!
— Ды ніводная зорка гэтага твайго жадання не выканае, разявака! Тут нават багі табе не дапамогуць, а зоркам да іх..!
Не маючы сілы больш трываць гэтай бессэнсоўнай плявузготы ў час яго пакут, Іжэн здрыгануўся ўсім целам у спробе ўстаць і кінуў лютае:
— Згіньце, байструкі!
І толькі тады балбатлівыя мерцвякі змоўклі, а потым і зусім разбегліся ў розныя бакі ад спалоху і шоку, пакідаючы Іжэня ў ганарлівай адзіноце.
Юнаку не заставалася нічога, як глядзець наперад, туды, адкуль толькі што яго скінуў уласны Майстар. Неба зачыніў сабою густы чорны туман, праз які часам прадзіралася маленькія снегавінкі. Паступова халоднае цела Іжэня, няздольнае нават на тое, каб сесці, хавалася тонкім пластом пунсовага снегу.
ESTÁS LEYENDO
Песня чырвоных ліхтароў
Ficción histórica"Ці воля гэта лёсу ці толькі ўдалы збег абставін, у гэтым велізарным свеце ўсё ж сустрэліся мы - уладальнік слязы Цзюню і ўтаймавальнік магічнага голасу". З першага года кіравання імператара Фэншы ў Чанхуандзі не было і дня адхлання ад дэманічных сі...